Белазар | Галоўная
Belazar Logo Белазар Лого
Belazar Белазар

беларускія лінгвістычныя кампутарныя праграмы
Афіцыйны сайт Белазара


 


03.01.2013

Новая версія анлайн-перакладніка Белазар - Belazar Translation Server X beta - запушчана для шырокага тэставага карыстання па адрасе belazar.info. На старонцы скарыстаныя перадавыя Web-тэхналогіі, што з'явіліся за апошнія гады: HTML 5, CSS 3, JavaScript і jQuery, Ajax, Web Storage і інш. Гэта дазволіла паскорыць абнаўленне старонкі, паменшыць аб'ём дадзеных, якія перадаюцца паміж серверам і карыстачом. Цяпер перакладнікам аднолькава зручна карыстацца як на вялікіх экранах персанальных кампутараў, гэтак і на ноўтбуках, планшэтах і смартфонах з іх невялікімі экранамі - старонка будзе аўтаматычна падладжвацца пад памер тваёй прылады. Калі ласка, пераканайся, што ты маеш найапошнюю версію аглядальніка Opera, Chrome ці Firefox. На іншых аглядальніках праца Белазара не гарантуецца.

Анлайн-перакладнік выкарыстоўвае найноўшы рухавічок перакладаў Belazar X, а таксама самую свежую на сёння базу перакладаў. Сярод новых і дапрацаваных функцыяў Belazar X у параўнанні з папярэдняй версіяй 6.1 можна адзначыць наступнае: пабудова сінтаксічнага дрэва сказа перад перакладам; удасканалены пераклад прозвішчаў, ініцыялаў, скаротаў са знакамі прыпынку, іншамоўных назваў, запісаных лацініцай; пераклад лічэбнікаў, запісаных арабскімі або рымскімі лічбамі; абрэвіятуры са зменнымі канчаткамі ("Палітыка НЭПа"), і шмат іншага.

Значна пашырыўся слоўнік перакладаў праграмы: за апошнія 3 з паловай гады яго памер павялічыўся ў 1.5 разы, і дасягнуў 390 тыс. слоўнікавых артыкулаў - 180 тыс. у беларускай частцы, і 212 тыс. у рускай. Прыярытэт аддаваўся найбольш распаўсюджаным і запатрабаваным словам. Напрыклад, была апрацаваная агромністая база тэкстаў рускамоўнай мастацкай літаратуры, адтуль выбраныя 255 тыс. найбольш ужываных словаформаў, якія былі апрацаваныя і з беларускімі перакладамі дададзеныя да агульнай базы Белазара. Таксама выбаркова апрацоўваліся тэксты, якія на працягу апошніх гадоў перакладалі карыстачы анлайн-перакладніка Белазар.

Шаноўны дружа, калі ласка, карыстайся абноўленым анлайн-перакладнікам Belazar Translation Server, і дасылай свае нататкі і заўвагі на мой адрас, ці пішы ў гасцёўню.

05.04.2011

Сістэма перакладу OmegaT дапрацавана для супольнага выкарыстання з серверам перакладаў Белазар. OmegaT - гэта вольная сістэма аўтаматызаванага перакладу, што падтрымвае памяць перакладаў. Гэта сістэма прызначана для прафесійных перакладчыкаў. Але OmegaT не мае ўбудаванай функцыі перакладу, яна толькі парадкуе і спрашчае працу чалавека. Таму ў апошняй версіі сістэмы з'явілася функцыя спалучэння з серверам перакладаў Белазар, што дазваляе хутка атрымаць чарнавы варыянт перакладзенага тэксту.

Спампаваць сістэму OmegaT можна бясплатна з афіцыйнага сайта. Пасля ўсталёўкі не забудзьцеся ў меню праграмы Параметры - Машынны пераклад выбраць Belazar.

19.12.2009

Белазар быў паспяхова ўсталяваны і запушчаны на ReactOS!

ReactOS - гэта вольная і бясплатная аперацыйная сістэма, сумяшчальная з Windows. Белазар тэставаўся пад рускай версіяй 0.3.11 гэтай АС, якую можна спампаваць з афіцыйнай старонкі ReactOS. ReactOS быў запушчаны ў віртуальнай машыне VirtualBox 3.1.2.

Падчас працы перакладніка назіраліся праблемы з адлюстраваннем тэкстаў у рэдактары. Аднак асноўныя функцыі перакладу працавалі выдатна.

Вітаю, дружа!

Маё імя - Алег Азароўскі. Праграмаванне - гэта мая прафесія і маё хобі. Мне цікава вывучаць новыя тэхналогіі і новыя сферы скарыстання сваіх прафесійных ведаў. У свой час я паспрабаваў праграмаваць кампутарныя гульні, базы дадзеных, музычныя праграмы, тэкставыя працэсары, складскія і ўліковыя праграмы, сістэмныя Windows-утыліты, разнастайныя дапаможныя прылады для калегаў-праграмістаў, спрабаваў займацца вэб-дызайнам, і нават распрацаваў просты маўленчы сінтэзатар для беларускай гаворкі з выкарыстаннем гукавых патэрнаў.

Лінгвістычнае праграмаванне - гэта таксама адно з маіх захапленняў. Я называю свае распрацоўкі ў гэтай галіне Беларускімі Лінгвістычнымі Тэхналогіямі, БЛТ (Belarusian Linguistic Technologies, BLT).

На гэтым сайце ты знойдзеш беларуска-руска-беларускі перакладнік Белазар, а таксама іншыя праграмы ды дапаможныя прылады, якія дапамогуць табе хутка выконваць беларускамоўныя пераклады.

Мая мэта - дапамагчы табе ствараць якасныя беларускія пераклады кампутарных праграм, карпаратыўных сайтаў, асабістых старонак, форумаў, блогаў, іншых Інтэрнэт-сайтаў і проста тэкстаў, і тым самым пашыраць прысутнасць беларускай мовы на кампутарах і межы беларускага сегменту ў сусветным кампутарным Сеціве.

Ты таксама зможаш дапамагчы гэтай справе, дасылаючы дададзеныя табою ў слоўнік Белазара пераклады, і выпраўляючы выяўленыя ў слоўніку памылкі.



Кантакт

Калі ў цябе з'явіліся пытанні, пажаданні ці каментары наконт Белазара або іншых праграм, ці ты сутыкнуўся з памылкамі падчас працы з імі - накіроўвай іх на маю паштовую скрыню.

Калі ж ты лічыш, што гэтае пытанне ці пажаданне будзе цікавым і для іншых людзей, - калі ласка, пакінь свой допіс у гасцёўні сайта. У такім выпадку адказ на яго змогуць прачытаць дзесяткі наведвальнікаў гэтай старонкі!

Старонкі:


Белазар

Сервер перакладаў

Белазар



Спасылкі:


Soft па-беларуску

Кіно па-беларуску

Кніга Ігара Літвіна ЗАКІНУТЫ СВЕТ, АБО МАЛАВЯДОМЫЯ СТАРОНКІ БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ

Беларускі шахматны клуб




Белорусский рейтинг

Flag Counter
 

Copyright © 2002-2013 Aleg Azarousky, Belarusian Linguistic Technologies

Free Web Hosting