Спасылкі на папулярныя праграмы і пераклады іх інтэрфейсаў на беларускую мову.
...ў Інтэрнэт, праз шырокі канал
выхадзі, мой народ, грамадою...
Якуб Колас, пэраасэнсаванае ;) 

Heroes of Might and Magic V

  Падзелы сайта: 
Soft па-беларуску - папулярныя кампутарныя праграмы на беларускай мове!
Беларускія субтытры - субтытры на беларускай мове да мастацкіх фільмаў і мультфільмаў
• "Белазар" - беларуска-руска-беларускі перакладнік, зусім бясплатна!
• Кароткі ангельска-руска-беларускі слоўнік кампутарных тэрмінаў
• Ангельска-беларускі слоўнік для Lingvo
• Беларускі слоўнік моладзевага слэнгу
• Праверка беларускага правапісу для MS Office

 Зрабі сам па-беларуску: 

Restorator - тым, хто хоча і не ведае як перакладаць праграмы на родную мову (26.01.2004)
Multilizer - магутная прылада для стварэння перакладаў праграм (7.04.2006)
Patchwise Free - распаўсюд перакладаў без праблем (17.04.2006)
UltraEdit-32 - погляд углыб: непасрэднае рэдагаванне файлаў і hex-рэдактары (19.04.2006)
Распакавальнікі - спуск у глыбіню: аналіз і распакоўка выканальных файлаў (20.04.2006)
Belazar Clipboard Translator - паскараем перакладанне! (20.04.2006)
FineReader вачамі беларуса (02.10.2012)

• "Дурань на траіх!" – гульня ў падкiднога дурня
• "Тлумачальная крыжаванка" – гульня-крыжаванка

  Пра старонку: 

Multilizer LogoПрыкладанне - Multilizer 6.1.
Клас - шаблонны перакладнік.
Сайт - http://www.multilizer.com/
Статут - умоўна-бясплатная, працуе 30 дзён без рэгістрацыі.

На гэтай старонцы знаходзіцца інструкцыя па працы з праграмай Multilizer. Гэта магутная па сваіх магчымасцях праграма для стварэння лакалізацый прыкладанняў, а кажучы прасцей, для перакладу менюшак праграм і ўсяго астатняга на іншыя мовы. Multilizer разумее вялікую колькасць фарматаў, адрознівае тып мовы праграмавання, на якім напісаная праграма, дазваляючы рэдагаваць праграмы, прызначаныя для розных аперацыйных сістэм - Windows, Windows.NET, 16-bit Windows, Windows CE, Java, Palm, Symbian і г.д.

Праграма падтрымлівае вялікую колькасць наладаў, якія дазваляюць не тое што без асаблівых цяжкасцяў, але нават з камфортам, займацца лакалізацыяй.

Уступ

Большасць сучасных праграм, якія можна знайсці ў Сеціве, падрыхтаваныя для перакладу на іншыя мовы, і часта распаўсюджваюцца з гатовымі перакладамі на некалькі найбольш папулярных моў. Аўтары клапоцяцца аб зручнасці выкарыстання іх прыкладанняў рознымі людзьмі з розных краін.

Часта файл перакладу ўяўляе сабою звычайны тэкставы файл, які ўтрымлівае тэкставыя радкі, падлеглыя перакладанню. Так перакладаюцца вядомыя прыкладанні Total Commander, Opera, FlashGet ды іншыя. Такія праграмы перакладаць вельмі проста. Для іншых праграм іх аўтарамі распрацаваныя адмысловыя працэдуры, якія дазваляюць стварыць перакладзеную версію (напрыклад - архіватар WinRAR, The Bat!). У гэтых выпадках без дапамогі аўтара праграмы вам не абыйсціся.

Аднак існуюць і такія праграмы, якія не маюць іншых моў інтэрфейсу, акрамя той, для якой яна распрацаваная. У гэтым выпадку на дапамогу прыходзіць Multilizer. (Трэба адзначыць, што з дапамогай Multilizer можна перакласці амаль любую праграму, незалежна ад таго, з'яўляецца яна шматмоўнай ці не).

Запампоўка і ўсталяванне

Узяць Multilizer можна на сайце вытворцы - Multilizer Inc. Прамая спасылка на загрузку Multilizer 6.1 - тут. Памер усталявальнага файла ~ 12Mb. Усталёўка праграмы не павінна выклікаць праблем.

Паддоследны трус* - прайгравальнік Windows Media

Працэс стварэння беларускамоўнага перакладу я пакажу на прыкладзе прайгравальніка Microsoft Windows Media Player 10 (рускамоўная версія), які прысутнічае ў кожнай сістэме Windows XP.

Усе рэсурсы прайгравальніка Windows Media, падлеглыя перакладу, размешчаны ў адзіным файле wmploc.dll, які ў сваю чаргу знаходзіцца ў сістэмнай тэчцы c:\WINDOWS\system32\. І не пытайце мяне, адкуль я пра гэта даведаўся! :) Гэта - тэма для іншага артыкулу.

Вось гэты файл - wmploc.dll - мы і будзем рэдагаваць. Для працы стварыце часовую тэчку, напрыклад c:\0, і скапіюйце туды файл c:\WINDOWS\system32\wmploc.dll. Таксама зрабіце копію гэтага арыгінальнага файла, напрыклад, wmploc-rus.dll, каб мець магчымасць вярнуцца да яго ў выпадку праблем з перакладам.

* (бел) трус = (рус) кролик, (рус) трус = (бел) баязлівец. Не блытайце! ;)

Пачатак працы - стварэнне праекта

Запусціце толькі што ўсталяваны Multilizer. Для пачатку працы мы павінны стварыць новы праект.

Resource Types

Калі Вы ўсё зрабілі правільна, пасля апрацоўкі Вы павінны атрымаць поўны спіс рэсурсаў з файла wmploc.dll, падлеглых перакладанню.

Multilizer main window

Агляд галоўнага акна праграмы Multilizer

Злева ў галоўным акне праграмы Multilizer мы маем спіс тыпаў рэсурсаў, а справа - спіс тэкставых радкоў з бягучага рэсурсу на зыходнай мове праграмы і на мове перакладу. Пры стварэнні праекта я пазначыў толькі рэсурсы тыпаў Dialogs, Menus і Strings - яны і паказаны ў спісе. Кожны с тыпаў можна расчыніць, і мы атрымаем спіс рэсурсаў гэтага тыпу. Калі вылучыць любы рэсурс у спісе злева, то справа будзе паказаны спіс тэкставых радкоў, якія ён утрымоўвае.

Спачатку націсніце кнопку захавання на панэлі прыладаў (або ў галоўным меню File | Save), і захавайце створаны праект на дыск.

Рэсурсы Dialogs - вокны прыкладання

Расчынім тэчку Dialogs у спісе злева - атрымаем спіс рэсурсаў 102, 1150, 1170 і г.д. Кожны з рэсурсаў гэтага тыпу - гэта акно, якое ўтрымлівае прайгравальнік Windows Media. Абярэм рэсурс 102 і адразу справа зверху мы ўбачым гэтае акно (акно "Пра праграму"), а справа знізу - спіс тэкставых радкоў, падлеглых перакладанню.

Пра праграму

Каб перакласці гэтае акно - увядзіце ў поле Belarusian пераклад да кожнага тэкставага радка ў спісе. Перакладаць дастаткова толькі тыя радкі, якія ўтрымліваюць тэкст на рускай мове. Астатнія можна пакінуць пустымі.

Каб скапіяваць у слупок перакладу зыходны рускі радок - націсніце на вочку перакладу правай кнопкай мышы, і абярыце ў кантэкстным меню Paste Native.

У працэсе перакладання Вы адразу будзеце бачыць, як будзе выглядаць перакладзенае акно. Калі нейкі з перакладзеных радкоў атрымаецца больш доўгім, чым арыгінал, Вы можаце вылучыць гэты радок у акне і мышкай пашырыць яго межы. Вось што ў мяне атрымалася ў выніку:

Перакладзенае акно

Гэтаксама перакладаюцца і ўсе астатнія рэсурсы са спісу Dialogs.

Рэсурсы Menus - меню прыкладання

Наступны тып рэсурсаў - Menus. Ён утрымлівае ўсе спісы меню прыкладання. Вылучым першы рэсурс са спісу - 102, і адразу ж справа атрымаем яго выгляд. Гэты рэсурс нішто іншае як галоўнае меню прайгравальніка Windows Media - Файл, Вид, Воспроизведение і г.д.

Пераклад тэкставых радкоў гэтага рэсурсу адбываецца аналагічна рэсурсаў Dialog. Аднак ёсць невялікія нюансы. Па-першае звярну ўвагу на знак & - ён абазначае "гарачую" літару пункта меню. Наступная пасля & літара будзе выкарыстоўвацца для хуткага выбару гэтага пункта меню. Гэты знак не абавязковы, і калі Вы (як і я) не карыстаецеся "гарачымі" клавішамі, яго нават можна выдаліць.

Радкі меню ўтрымліваюць таксама "гарачыя" камбінацыі клавіш (накшталт Ctrl-O), аддзеленыя ад тэксту стрэлкай. Вось гэтыя камбінацыі - абавязковыя, і каб іх захаваць у перакладзе карыстайцеся пунктам Paste native у кантэкстным меню перакладу.

Рэсурс меню

Рэсурсы Strings - тэкставыя радкі

Наступны тып рэсурсаў - Strings. Гэта проста тэкставыя радкі - паведамленні, запыты і г.д. Перакладаць іх найбольш проста. Заўважу толькі, што шмат якія з гэтых радкоў утрымліваюць спецыяльныя паслядоўнасці знакаў, якія нельга змяняць, бо пераклад атрымаецца сапсаваным і перакладзеная праграма можа адмовіцца працаваць. Да прыкладу адчыніце рэсурс 74 у спісе Strings, і вы ўбачыце радкі накшталт "%1!.1023ls! (Скопировано %2!.1023ls! из %3!.1023ls!)".

Каб яго перакласці, скарыстайцеся пунктам Paste Native кантэкстнага меню вочка перакладу, і замяніце толькі рускія словы, не кранаючы іншых знакаў. Атрымаеце "%1!.1023ls! (Скапіявана %2!.1023ls! з %3!.1023ls!)".

Стварэнне перакладзенага файла wmploc.dll

Перакладанне завершанае. Захавайце праект (у меню File | Save), і зараз можна стварыць перакладзеную версію wmploc.dll. Для гэтага абярыце ў меню Project | Build localized item. Multilizer створыць тэчку be у тэчцы з перакладаным файлам (у нашым выпадку - c:\0\be), і змесціць туды перакладзены wmploc.dll.

Зараз можна заняцца тэставаннем перакладу.

Тэставанне беларускай версіі прайгравальніка

Для гэтага неабходна перапісаць перакладзены c:\0\be\wmploc.dll назад у тэчку c:\WINDOWS\system32\, замяніўшы зыходны файл. Але не ўсё так проста. Справа ў тым, што Windows XP сочыць за зменамі ў сістэмных файлах, каб пазбегнуць пашкоджання іх кампутарнымі вірусамі, і ўзнаўляе зыходную версію файла пры спробе яго замены. Гэта мае дачыненне толькі да сістэмных файлаў, якія знаходзяцца ў сістэмных тэчках Windows. Калі Вы перакладаеце іншую праграму, такіх праблем хутчэй за ўсё не ўзнікне.

Для таго, каб усё ж змясціць пераклад у сістэмную тэчку, мы павінны перапісаць таксама і яго рэзервовыя копіі. Можаце скарыстацца пошукам файлаў Windows (кнопка Пуск | Пошук), або праграмай Total Commander ці іншымі файл-мэнэджарамі. Скарыстаўшыся Total Commander'ам, акрамя тэчкі c:\0 я знайшоў копіі wmploc.dll яшчэ вось тут, усяго 4 копіі:

Пасля капіявання перакладу ў гэтыя тэчкі, можна запускаць прайгравальнік Windows Media на тэставанне. (Звярніце ўвагу, што капіяваць пераклад у c:\WINDOWS\system32 патрэбна ў апошнюю чаргу. Іначай ён будзе адразу ж заменены сістэмай на арыгінальную копію з іншых тэчак).

Вось што ў мяне атрымалася:

Windows Media Player па-беларуску

Як вам гэта падабаецца? :) Магчыма, хтосьці знойдзе трохі вольнага часу, каб з дапамогай гэтай інструкцыі давесці справу да канца? Калі Вы зможаце стварыць якасны пераклад, ён будзе змешчаны на сайце Soft па-беларуску. Паспрабуйце!

Карысныя парады

Дам яшчэ колькі парадаў па Multilizer'у.

Multilizer - New Target

Распаўсюд перакладаў

Як Вы ўжо зразумелі, для беларусіфікацыі прайгравальніка Windows Media Player дастаткова запісаць сабе на кампутар перакладзены файл wmploc.dll. Аднак тут ёсць два нюансы:

  1. Гэты файл мае памер 3.2Мб. Пагадзіцеся, пампаваць такі файл з Сеціва - не надта прыемна. І нават запакаваны ў zip памер архіва - 1Мб.
  2. Справа ў тым, што файл wmploc.dll з'яўляецца неад'емнай часткай прайгравальніка Windows Media, і таму падпадае пад заканадаўства аб ахове аўтарскіх правоў, а яго распаўсюд з'яўляецца парушэннем гэтых правоў.

Я разумею, што мы жывем у краіне, дзе большасць усталяваных копіяў Windows і іншых праграм з'яўляюцца пірацкімі, а таму на такія "дробязі" часам не звяртаем увагі. Аднак навошта парушаць заканадаўства, калі ёсць іншае выйсце, якое адразу абыходзіць абодва гэтыя нюансы!

Стварэнне патча

Выйсце ў тым, каб распаўсюджваць не ўвесь перакладзены файл, які належыць фірме-вытворцу перакладзенай праграмы, а толькі файл з перакладзенымі на беларускую мову рэсурсамі, якія належаць толькі Вам, бо з'яўляюцца вынікам Вашай працы.

Для гэтай справы можна скарыстацца праграмамі, якія пасля аналізу змесціва зыходнага і перакладзенага файла ствараюць так званы "патч" ((анг) "patch" - (бел) "латка"). Гэты патч уяўляе сабою выканальны файл, які пасля запуску аўтаматычна зробіць неабходныя для перакладу змены ў арыгінальны файл на кампутары карыстальніка. Сярод такіх праграм магу назваць Restorator і PatchWise. Мне асабіста больш падабаецца апошняя, бо PatchWise распаўсюджваецца бясплатна, і на старонцы Soft па-беларуску да яго ёсць беларускі пераклад.

Магчыма, я яшчэ напішу адмысловы артыкул-інструкцыю па працы з гэтай выдатнай праграмай.

Алег Азароўскі, 7.04.2006г.


  Заўвага: 

Калі Вы знайшлі на гэтай старонцы недакладнасці, незразумеласці ці памылкі - напішыце мне.

  Зваротная сувязь: 

У Вас ёсць дастаткова ведаў, досвед у галіне лакалізацыі і пісьменніцкі талент? Напішыце артыкул аб беларусіфікаванні праграм, тэорыі лакалізацыі і глабалізацыі, практычным выкарыстанні рэдактараў рэсурсаў, праграм-перакладнікаў, электронных слоўнікаў і іншых прыладаў, і дашліце іх мне - я змяшчу яго на сайце Soft па-беларуску.


Copyright © Aleg Azarouski, 2001 - 2015.

Мілінкевіч - наш прэзідэнт! Милинкевич - наш президент!

Рейтинг@Mail.ru Rating All.BY